Памяці Наталлі Адамовіч

Наталля Адамовіч

30 красавіка 1954 (афіцыйна — 1 мая) — 7 верасня 2026

Светлая памяць пра Наталлю Адамовіч — адзіную дачку беларускага пісьменніка і гуманіста Алеся Адамовіча. Філолаг-беларусістка, музейная супрацоўніца і захавальніца спадчыны, яна прысвяціла жыццё таму, каб вяртаць людзям творы і памяць пра бацьку без цэнзурных скажэнняў.

Наталля Адамовіч ля мікрафона
Наталля Адамовіч. Фота з сямейнага архіва.
Партрэт Наталлі Адамовіч
Наталля Адамовіч. Фота Ніны Веллер

30 красавіка 1954 (афіцыйна — 1 мая) — 7 верасня 2026

Пра Наталлю Аляксандраўну

Наталля Аляксандраўна Адамовіч нарадзілася 30 красавіка 1954 года; афіцыйнай датай нараджэння лічыўся 1 мая. Яна была адзінай дачкой беларускага пісьменніка і гуманіста Алеся Адамовіча. Філолаг-беларусістка па адукацыі, яна да апошніх дзён працавала ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, займалася яго архівамі. Пасля смерці бацькі Наталля захоўвала і вывучала сямейны архіў, дапамагала даследчыкам, збірала матэрыялы і адстойвала права выдаваць творы Алеся Адамовіча без цэнзуры. Яна трымалася ідэалаў бацькі і верыла, што тыя, хто быў вымушаны з'ехаць, здолеюць вярнуцца ў свабодную Беларусь.

Дзейнасць

Справы яе жыцця

Спадчына

Алесь Адамовіч

Збірала, захоўвала і каталагізавала лісты, запісныя кніжкі і фотаздымкі Алеся Адамовіча; дапамагала рыхтаваць новыя выданні яго твораў і настойвала на публікацыі тэкстаў без цэнзурных купюраў.

Музей

Музейная справа

Шмат гадоў аддана працавала ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Займалася музейнымі архівамі і праводзіла экскурсіі, адкрываючы наведнікам спадчыну пісьменніка.

Памяць

Падтрымка

Падтрымлівала ініцыятыву «Прыпынак Адамовіча», стварэнне помніка Алесю Адамовічу, аўдыягід і сайт пра яго родныя мясціны. Калі гэта было магчыма, падтрымлівала Прэмію імя Алеся Адамовіча.Пра «Прыпынак Адамовіча»

Біяграфія

Жыццё і памяць

Дачка пісьменніка

Наталля Аляксандраўна нарадзілася 30 красавіка 1954 года; афіцыйнай датай нараджэння лічыўся 1 мая. Яна была адзінай дачкой Алеся Адамовіча. Яна атрымала філалагічную адукацыю па беларускай літаратуры. Як яна распавядала, бацька не заводзіў больш дзяцей, бо баяўся, што ў любы момант яго могуць арыштаваць. Пры жыцці Алесь Адамовіч мала распавядаў Наталлі пра сваю працу, і толькі пасля смерці бацькі яна зразумела маштаб таго, што ён зрабіў. Яна не любіла публічных выступаў і заўсёды рыхтавалася да іх загадзя — часам цэлы тыдзень.

Музей і архіў

Шмат гадоў Наталля аддана працавала ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа: займалася архівамі і праводзіла экскурсіі. Пасля выхаду на пенсію яна імкнулася вярнуцца ў музей і працягнуць працу — і здолела гэта зрабіць. Пасля смерці бацькі яна таксама захоўвала і вывучала сямейны архіў Алеся Адамовіча, дапамагала даследчыкам і рыхтавала матэрыялы да публікацыі. Яна шукала новыя матэрыялы, хацела, каб творы Адамовіча выходзілі на іншых мовах, і займалася гісторыяй стварэння яго твораў.

Захаванне спадчыны

Наталля ўклала кнігу «Імя гэтай зорцы — Чарнобыль» на падставе запісных кніжак, лістоў і выступаў Алеся Адамовіча. Яна дапамагала рыхтаваць ягоныя тэксты да выдання і дамагалася, каб яны выходзілі без цэнзуры. Разам з дачкой Данііла Граніна яна збірала гісторыю стварэння «Блакаднай кнігі», рыхтавала прадмовы да выданняў, каб перадаць гісторыю іх напісання. Яна вельмі радавалася, што «Я з вогненнай вёскі» змагла выйсці па-нямецку. Наталля падтрымлівала праекты, што захоўваюць памяць пра бацьку ў Глушы і па-за яе межамі, і была адданая яго спадчыне.

Успаміны

Памятаем Наталлю

Я пазнаёмілася з Наталляй яшчэ ў Мінску, калі працавала ў Міністэрстве культуры, а яна — у музеі Якуба Коласа. Мы сустракаліся і гаварылі пра спадчыну беларускіх пісьменнікаў. Наталля тады падтрымлівала сувязь з удавой Васіля Быкава Ірынай; яна была адной з нямногіх, каго тая прымала ў сябе. Пасля майго пераезду ў Варшаву мы сталі размаўляць яшчэ больш — часта пра ўшанаванне памяці Алеся Адамовіча і праекты Андрэя Архіпенкі ў Польшчы. Падчас апошняй тэлефоннай размовы, прыкладна за месяц да яе смерці, Наталля дзялілася навінамі літаратурных музеяў і культуры ў Беларусі, моцна перажывала за тое, што адбываецца ў краіне. Але ў нашых размовах заўсёды было больш аптымізму: яна верыла, што ўсё скончыцца добра, што ў Беларусі будуць змены. На развітанне яна казала: «Трымайцеся там, усё будзе добра, дачакаемся». Ёй было цікава наведаць Музей Вольнай Беларусі, і яна не раз выказвала надзею прыехаць. Цяпер асабліва балюча адчуваецца, колькі добрых слоў, успамінаў і падтрымкі не паспелі сказаць адзін аднаму.

Наталля Задзеркоўская, дырэктарка Музея Вольнай Беларусі

Я некалькі гадоў даследую творчасць Алеся Адамовіча і пазнаёмілася з Наталляй у 2024 годзе, калі рыхтаваўся, а потым выйшаў нямецкі пераклад «Я з вогненнай вёскі» — «Feuerdörfer: Wehrmachtsverbrechen in Belarus-Zeitzeugen berichten» у выдавецтве Aufbau. Томас Вайлер атрымаў за гэты пераклад Лейпцыгскую кніжную прэмію ў катэгорыі «Пераклад» у сакавіку 2025 года. Я напісала пасляслоўе да выдання, і падчас яго падрыхтоўкі мы часта размаўлялі з Наталляй па тэлефоне. У верасні 2025 года яна прыехала ў Берлін, і мы ўпершыню сустрэліся асабіста. Яна была тут тыдзень; мы шмат гаварылі пра творчасць Алеся Адамовіча, ягоную біяграфію і праваабарончую працу. Наталля была вельмі адкрытай, вясёлай, цікавай асобай, і мы хутка знайшлі цёплую асабістую сувязь — можна сказаць, пасябравалі. Пасля яе вяртання ў Беларусь мы працягвалі сувязь, абмяркоўвалі канферэнцыю пра Алеся Адамовіча ў Берліне ў студзені 2027 года, падзеі да яго 100-годдзя ў верасні і планы выставы ў 2028-м. Падчас апошняй тэлефоннай размовы Наталля вельмі радавалася, што атрымала нямецкую візу і зможа прыехаць. Потым мы перапісваліся, гаварылі пра катоў: яна дасылала фота і відэа, а калі была ў нас, палюбіла нашых дзвюх катоў. У апошнім паведамленні яна пісала, што хоча даслаць мне адно апавяданне Адамовіча, каб разам падумаць, што з ім рабіць. Гэта быў наш апошні кантакт.

Ніна Веллер, нямецкая славістка

Наталля Аляксандраўна дапамагала мне з усімі маімі ідэямі: дасылала матэрыялы, фотаздымкі, інфармацыю, падбірала цытаты бацькі, раіла, на чым лепш зрабіць акцэнт. Яна падтрымлівала мяне не толькі ў працы са спадчынай бацькі. Калі ў мяне былі цяжкасці з жыллём у Мінску, я тры месяцы жыў у яе, у пакоі Адамовіча, дзе стаяў ягоны працоўны стол, былі кнігі і розныя матэрыялы. Яна таксама дапамагала маёй маці: штомесяц імкнулася перасылаць па 50 рублёў на корм катам і сабаку, ведаючы пра яе складаныя абставіны і здароўе. Мама ў адказ частавала Наталлю хатнім варэннем, у тым ліку любімым малінавым, і грэцкімі арэхамі. Аднойчы яна сказала Наталлі: «Для яго вы як другая мама». Наталля адказала: «А ён для мяне як сын». Яна не раз падкрэслівала, што будзе мне ўдзячная ўсё жыццё за зробленае для памяці пра яе бацьку. Яна падтрымлівала мае пачынанні, звязаныя з Тайванем, прасіла запісаць і падзяліцца ўспамінамі пра паездку, называла гэты досвед важным адкрыццём для беларусаў. 5 верасня, падчас прэзентацыі аўдыягіда ў музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні, я патэлефанаваў ёй: Наталля размаўляла з супрацоўнікамі музея і сказала, што абавязкова наведае яго, калі будзе такая магчымасць. Я мог патэлефанаваць ёй у любы момант і падзяліцца праблемамі; яна раіла тэлефанаваць ёй, а не маме, каб тая не хвалявалася. Яна хацела, каб я знайшоў працу ў справе, да якой ляжыць душа. Мы таксама планавалі сабраць матэрыялы для кнігі і выдаць яе. Як філолаг, Наталля заўсёды сачыла, каб у любым тэксце не было граматычных памылак і друкарскіх памылак.

Андрэй Архіпенка, ініцыятар «Прыпынку Адамовіча»
Болей успамінаўСхаваць успаміны

Я памятаю, як мы пазнаёміліся, хоць гэта было больш як чвэрць стагоддзя таму. Я запомніў тую сустрэчу таму, што звярнуў увагу на яе вочы: імі яна была дужа падобная да свайго бацькі. Тады я пісаў артыкул пра Алеся Адамовіча, а Наталля Аляксандраўна дапамагла мне з дакументамі і матэрыяламі, стала першым і адзіным дарадцам і памочнікам. Без яе ніякага артыкула не было б.

Потым я атрымаў нечаканы ліст ад Васіля Быкава: «…з вялікай цікавасцю чытаў разварот пра Адамовіча. Брава, брава! Проста здорава — так верна і дакладна. І ў той жа час — з запалам, які быў народжаны прагай справядлівасці. У адносінах да А. А. гэта выдатна». Я дагэтуль удзячны Васілю Уладзіміравічу за той ліст, але найперш — ёй. Бо без яе шмат чаго не было б: Наталля Аляксандраўна была рухавіком і лакаматывам безлічы спраў, што датычыліся яе бацькі. Яна перадавала архівы ў архівы і музеі, рыхтавала публікацыі, спрыяла выданню кніг бацькі. Яна проста не давала свету забыцца пра Алеся Адамовіча.

Але яе энтузіязму, аптымізму і энергіі хапала не толькі на справы бацькі. Яе можна было ўбачыць амаль на кожнай літаратурнай вечарыне. Зусім нядаўна мы ў БДАМЛМ адзначалі 90-годдзе Генадзя Бураўкіна, а пасля яна тэлефанавала і казала, што трэба пачынаць рыхтавацца да будучага дня нараджэння яе бацькі, што хоча папрасіць мяне паглядзець яго эпісталярны архіў… І вось раптам яе не стала. Яшчэ цьмянае ўсведамленне, што многае цяпер будзе іначай, што многага не будзе толькі таму, што няма яе самой. Яе не стала — і свет раптам абязлюдзеў… Лёгкіх Вам нябёсаў, дарагая наша Наталля Аляксандраўна.

Сяргей Шапран, журналіст і даследчык

Што засталося ў памяці ад нядоўгіх, але заўсёды станоўчых сустрэч з Наталляй Адамовіч, дык гэта нязменны пасыл усёй яе сутнасці: «Прарвёмся!». Той самы пасыл можна знайсці ў апошняй аўтабіяграфічнай аповесці яе бацькі «Vixi». Адамовічы неслі праз жыццё дух здаровага авантурызму: ён дапамагаў ім выжываць у выпрабаваннях — і дапамагаў выжываць у іх навакольным.

Андрэй Мельнікаў

Зусім нядаўна мы размаўлялі з Наталляй — напярэдадні прэзентацыі ў Музеі Вольнай Беларусі аўдыягіда «Сцежкамі Адамовіча», прысвечанага дзяцінству і жыццю Алеся Адамовіча. Расказвалі пра нашы навіны, пра тое, што цяпер робім для прэміі яго імя…

Наталля заўсёды была неад’емнай часткай гісторыі Прэміі імя Алеся Адамовіча, заснаванай Беларускім ПЭНам. Яна цікавілася ўсім, што адбывалася вакол прэміі, падтрымлівала яе і ў меру сваіх магчымасцяў дапамагала. Калі цырымоніі ўручэння праходзілі ў Беларусі, Наталля прыходзіла на іх і брала ўдзел ва ўшанаванні лаўрэатаў.

Мы ўдзячныя ёй за гэтую шматгадовую прысутнасць побач, за ўвагу, падтрымку і клопат пра захаванне памяці і спадчыны Алеся Адамовіча. Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Наталлі. Светлая памяць.

Тацяна Нядбай, Беларускі ПЭН

Пасольства Германіі ў Мінску смуткуе з нагоды смерці Наталлі Адамовіч. Усё сваё жыццё яна актыўна выступала за захаванне літаратурнай і маральнай спадчыны свайго бацькі. Пасля смерці Алеся Адамовіча яна захоўвала сямейны архіў і прымала ўдзел у публікацыі лістоў і нататак пісьменніка.

Сваёй працай Наталля Адамовіч зрабіла вырашальны ўнёсак у захаванне гэтай спадчыны, у тым ліку і праніклівай дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі…» — як і ў мінулым годзе ў супрацоўніцтве з Пасольствам Германіі з нагоды выхаду яе перакладу на нямецкую мову. Гэты твор, адным з аўтараў якога быў яе бацька, стаў голасам людзей, якія перажылі знішчэнне беларускіх вёсак нацыянал-сацыялістамі.

У гэты час смутку мы выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім Наталлі.

Пасольства Германіі ў Мінску

«Трымайцеся там! Дачакаймася». Наталля Адамовіч — Belsat, 9 верасня 2026