Алесь АдамовічАлесь Адамовіч
BYRUEN

adamovich1926@gmail.com

Біяграфія

Алесь Адамовіч

Пісьменнік, публіцыст, літаратуразнаўца, сцэнарыст і грамадскі дзеяч.

Алесь Адамовіч належыць да тых аўтараў, для якіх літаратура была не толькі мастацтвам, але і формай адказнасці. Ён пісаў пра вайну, памяць, чалавечую годнасць і небяспеку забыцця.

1926–1940

Дзяцінства. Сям'я.

Алесь Адамовіч нарадзіўся ў Канюхах, але сваёй сапраўднай малой радзімай называў Глушу — рабочы пасёлак каля Бабруйска, куды сям’я пераехала ў 1928 годзе.

  • #сям’я
  • #Глуша
  • #дзяцінства
Трохгадовы Саша Адамовіч з бацькамі і братам. 1929 год.

Нарадзіўся ў сям’і служачых 3 верасня 1927 года — гэта пашпартная дата. Насамрэч Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 жніўня 1926 года: падчас вайны маці, ратуючы сына ад згону ў Нямеччыну, выправіла дату яго нараджэння ў школьным пасведчанні.

Нарадзіўся ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці. «Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі — гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся... Я нічога з Канюхоўскага жыцця не памятаю...»

Яго бацька, Міхаіл Іосіфавіч Адамовіч (1902–1948), родам з вёскі Рачэнь Слуцкага раёна, вучыўся на лекара і ў студэнцкія вакацыі падпрацоўваў у Капыльскім доме адпачынку. Пасля заканчэння медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, куды паступіў у 1923 годзе, у 1928 годзе быў накіраваны на пастаянную працу ў пасёлак Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.

У Глушу ён пераехаў разам з жонкай Ганнай Мітрафанаўнай (1904–1979), родам з вёскі Забалоцце Любанскага раёна, якая ў 1935–1936 гадах скончыла Магілёўскую фармацэўтычную школу, і сынамі: Яўгенам (1924–1992), будучым доктарам, і Аляксандрам. «А сапраўдная малая радзіма, дзе я ўваходзіў ва ўзрост і ў жыццё, — рабочы пасёлак Глуша. Савецкае ўдакладненне: шклозавод “Камінтэрн”».

У 1930 годзе дзеда Алеся Адамовіча, Мітрафана Фаміча Тычыну, «раскулачылі» і выслалі разам з жонкай і трыма дзецьмі з сямі ў далёкую і халодную Якуцію. Маці Алеся Адамовіча ўлады пастаянна нагадвалі, што яна «дачка кулака». Дзед Мітрафан застаўся навек у якуцкай зямлі, астатнія члены сям’і вярнуліся ў Беларусь. Гэтыя падзеі адгукнуліся ў шматлікіх творах Адамовіча.

У Глушы будучы пісьменнік вучыўся з першага па сёмы клас. Любіў кнігі, асабліва Аляксандра Пушкіна, шмат разоў перачытваў «Вайну і мір» Льва Талстога. Найбольшым мужчынскім аўтарытэтам для яго тады былі бацька і дзядзька Антон — брат маці Антон Мітрафанавіч, настаўнік матэматыкі.

Міхаіл Іосіфавіч Адамовіч дамогся будаўніцтва бальніцы ў пасёлку Глуша і загадваў ёю. «Радыус аўтарытэту сельскага лекара», паводле слоў Алеся Адамовіча, заслужана ахопліваў не толькі пасёлак, але і ўсё наваколле. Са студзеня 1940 года бацька знаходзіўся на ваеннай службе. З першых дзён вайны ён быў на фронце, служыў тэрапеўтам 13-й арміі пад камандаваннем Мікалая Пухава і даслужыўся да падпалкоўніка медыцынскай службы.

Алесь Адамовіч з маці і братам Яўгенам. 1938 год.

1941–1945

Вайна. Партызаны

Партызанскі досвед, небяспека і першае сутыкненне з тым, што пазней стане галоўнай тэмай творчасці.

  • #вайна
  • #партызаны
  • #памяць
Саша Адамовіч у партызанах, трэці зверху злева. Май 1943 года.

У 1940–1941 гг. Алесь вучыўся ў Бярозках на Хоцімшчыне Магілёўскай вобласці, дзе настаўнічаў яго дзядзька Антон, які «граніў» яго характар і веды. Вярнуўся ў Глушу ў дзень, калі пачалася вайна з Германіяй, а для яго маці, старэйшага брата Яўгена і яго самога — «вайна пад стрэхамі».

Ганна Мітрафанаўна стала актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля з верасня 1941 года. Будучы загадчыцай мясцовай аптэкі, яна прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызан атрада імя Кірава, разам са сваімі дзецьмі выконвала розныя заданні і даручэнні.

У пачатку 1943 года яна з сынамі «пайшла ў лес», у партызанскі атрад імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. Алесь, ідучы ў партызаны, бохан хлеба, які паклала яму ў торбу маці, замяніў на аднатомнік Пушкіна.

Некаторы час ён выконваў гаспадарчыя работы ў лагеры, пазней удзельнічаў у баях у Бабруйскім і Кастрычніцкім раёнах, бачыў смерць у твар. У канцы 1943 года частка атрада злучылася з Савецкай Арміяй і перайшла лінію фронту.

У пачатку 1944 года па камандзіроўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху Алесь быў накіраваны ў горад Ленінагорск на Алтаі, дзе ў эвакуацыі жыла яго родная цётка. Там ён вучыўся ў Ленінагорскім горна-металургічным тэхнікуме і адначасова працаваў. Дзень Перамогі сустрэў у Ленінагорску.

Наградны ліст Аляксандра Міхайлавіча Адамовіча. Партызанскі атрад, 1943 год.

1946–1959

Літаратура і навука

Навучанне, філалогія, літаратуразнаўства і пачатак шляху даследчыка.

  • #БДУ
  • #крытыка
  • #літаратуразнаўства
З маці і бацькам, падпалкоўнікам медслужбы. Сакавік 1946 года.

Вярнуўшыся ў 1945 годзе ў Глушу, ён экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы ў 1950 годзе ўніверсітэт, паступіў у аспірантуру, якую скончыў у 1953 годзе.

З 1948 года пачаў пісаць раман «Сыны ідуць у бой». 25 лістапада нечакана памёр бацька. Міхаіл Іосіфавіч паехаў на грузавіку да парадзіхі, машына сапсавалася, і ён пайшоў пешшу ноччу, праз віхуру. Вярнуўся дадому з высокай тэмпературай, здарыўся інсульт. Смерць бацькі моцна ўзрушыла Алеся.

У 1950 годзе Адамовіч выступіў у друку як крытык. Аб’ектам ягонай крытыкі былі праблемы раманнага жанру, творчага стылю, мастацкай індывідуальнасці. З першых публікацый выявіліся байцоўскі тэмперамент, шырата далягляду, чуласць да праўды і супраціў вульгарна-сацыялагічным шаблонам.

У 1954 годзе пасля абароны дысертацыі «Мова рамана “Трэцяе пакаленне” і індывідуальны літаратурна-мастацкі стыль Кузьмы Чорнага» стаў выкладчыкам беларускай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ, а затым перайшоў на працу ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Ён пісаў пра тое, што здавалася актуальным для беларускай літаратуры: станаўленне жанру, Кузьму Чорнага і Фёдара Дастаеўскага, Максіма Гарэцкага і класічную традыцыю, ваенную і вясковую прозу. Ягоныя навуковыя працы выклікалі шырокі грамадскі рэзананс і перакладаліся на рускую мову.

Вясной 1954 года нарадзілася дачка Наталля. Жонка — Вера Сямёнаўна Адамовіч, у дзявоцтве Мядзведзева, філолаг.

У 1958 годзе выйшла першая кніга літаратуразнаўчых даследаванняў «Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю Кузьмы Чорнага». У 1959 годзе пабачыў свет зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Культура творчасці».

Алесь Адамовіч — студэнт філалагічнага факультэта БДУ. 1946 год.

1960–1966

Раманы. Масква. Вяртанне

Пераход да прозы, у якой асабістая памяць і дакументальная праўда становяцца галоўным матэрыялам.

  • #раман
  • #кіно
  • #дысідэнты
З братам, маці і дачкой Наташай. 22 мая 1960 года. Вяззе.

У 1960 годзе ў часопісе «Дружба народов» быў апублікаваны раман «Вайна пад стрэхамі».

У 1961 годзе выйшла манаграфія «Беларускі раман», на аснове якой была абаронена доктарская дысертацыя. Абараняў яе ў 1962 годзе ў Кіеве, у Інстытуце літаратуры імя Т. Г. Шаўчэнкі: у Мінску ўплывовыя літаратары пагражалі не дапусціць абароны.

У 1963 годзе ў «Дружбе народов» была апублікаваная другая частка рамана-дылогіі «Сыны ідуць у бой». На аснове гэтых твораў пазней быў напісаны кінасцэнар двухсерыйнага фільма «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» Віктара Турава.

Са снежня 1962 да 1964 года Адамовіч вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве. Адначасова выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

У 1966 годзе ён быў вымушаны сысці з МДУ за адмову падпісаць ліст, які асуджаў Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля. Пасля вяртання ў Мінск больш за паўгода быў беспрацоўным, пакуль пры падтрымцы Андрэя Макаёнка не быў прыняты старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы.

У тым жа час ён актыўна ўдзельнічаў у працы «рэфарматарскага» V з’езду беларускіх пісьменнікаў, дзе адбылася вострая сутычка шасцідзесятнікаў з неасталіністамі. У 1966 годзе была апублікаваная аповесць «Вікторыя», пазней названая «Асія».

Алесь Адамовіч — супрацоўнік АН БССР. 1960-я гады.

1968–1981

Хатынь. Вогненныя вёскі. Блакада

Сцэнар фільма «Хатынь, 5 кіламетраў», «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі…», праца над «Блакаднай кнігай» і раман «Карнікі».

  • #Хатынь
  • #сведчанні
  • #блакада
Паездкі па Беларусі падчас працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі…».

У 1968 годзе Адамовіч напісаў сцэнар дакументальнага фільма «Хатынь, 5 кіламетраў» рэжысёра І. Калоўскага. З гэтага пачаўся новы этап у падыходзе да ваеннай тэмы: на змену гераізацыі прыйшла трагедыйнасць.

У 1969 годзе ў «Дружбе народов» была апублікаваная аповесць «Апошні адпачынак». У той жа час ён надрукаваў серыю артыкулаў «Шырыня пісьменніцкага свету» пра творчасць Кузьмы Чорнага ў кантэксце сусветнай літаратуры.

У 1970 годзе Адамовіч дапісаў «Хатынскую аповесць». Нягледзячы на станоўчыя водгукі, ён адчуваў, што паказаў толькі макулінку праўды, а бяздонны акіян народнай, вогненнай, хатынскай памяці застаўся нячутным і нябачным свету. Так прыйшла думка пра дакументальную кнігу.

У 1970–1973 гадах разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам яны аб’ехалі з магнітафонам усю Беларусь, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак, апыталі і запісалі больш за трыста сведак ваеннай трагедыі. Гэтыя апавяданні леглі ў аснову кнігі «Я з вогненнай вёскі…».

У 1975 годзе «Я з вогненнай вёскі…» выйшла асобным выданнем, была перакладзеная на многія замежныя мовы і стала літаратурным бестсэлерам на Захадзе. У «Полымі» Адамовіч апублікаваў серыю артыкулаў пра Максіма Гарэцкага «Браму скарбніцы сваёй адчыняю…».

Па матывах «Хатынскай аповесці» ў 1977 годзе была пастаўлена п’еса «Вяртанне ў Хатынь». Па матывах кнігі «Я з вогненнай вёскі…» Віктар Дашук па сцэнары Адамовіча зняў дакументальны цыкл «Жанчыны з вогненнай вёскі».

З красавіка 1975 года Адамовіч пачаў запісваць ленінградскіх блакаднікаў разам з Даніілам Граніным. У 1979 годзе выйшла першая частка «Блакаднай кнігі». У 1977 годзе быў выдадзены збор твораў у двух тамах.

У 1979 годзе, 22 траўня, пасля цяжкай хваробы памерла маці Алеся Адамовіча. У 1981 годзе ён апублікаваў раман «Карнікі», а новы погляд на ваенную літаратуру развіваў у кнігах «Аб сучаснай ваеннай прозе», «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» і «Нічога важнейшага».

Запіс сведчанняў падчас працы над дакументальнай кнігай.

1982–1985

ААН. Антываенны голас. «Ідзі і глядзі»

Міжнародныя выступы, антываенныя канферэнцыі і праца над фільмам «Ідзі і глядзі».

  • #ААН
  • #антываенны голас
  • #кіно
На здымачнай пляцоўцы фільма «Ідзі і глядзі». Беларусь, 1984 год.

У 1982 годзе Адамовіч удзельнічаў у рабоце Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў складзе беларускай дэлегацыі. У гэтыя гады ён шмат ездзіў па свеце, прымаў удзел у міжнародных антываенных і антыядзерных канферэнцыях, выступаў з дакладамі і даваў інтэрв’ю.

Публіцыстыка таго часу пазней была сабраная ў кнігах «Выберы — жыццё!» і «Літаратура і праблемы стагоддзя» 1986 года, а таксама «Дадумваць да канца» 1988 года.

У 1981–1983 гадах выйшаў збор твораў у чатырох тамах.

У 1984 годзе ў Беларусі праходзілі здымкі кінафільма «Ідзі і глядзі», пастаўленага паводле сцэнарыя Адамовіча і Элема Клімава. У аснове сцэнарыя ляжалі «Хатынская аповесць» і «Карнікі». Адамовіч актыўна ўдзельнічаў у працы і прысутнічаў на здымачнай пляцоўцы.

Першапачаткова фільм меў назву «Забіце Гітлера!». Адамовіч і Клімаў спрабавалі паставіць яго амаль сем гадоў: у 1977 годзе праца над фільмам была спыненая Дзяржкіно.

У 1985 годзе «Ідзі і глядзі» атрымаў першую прэмію, Залаты прыз і прыз ФІПРЭСІ на XIV Маскоўскім кінафестывалі, абышоў экраны многіх краін свету і выклікаў вялікі рэзананс.

Алесь Адамовіч у ААН. Нью-Ёрк, 1982 год.

1986–1994

Чарнобыль. Перабудова. Апошнія гады

Чарнобыль, публічная барацьба за праўду, дэпутацкая праца і апошняе вяртанне ў Глушу.

  • #Чарнобыль
  • #перабудова
  • #галоснасць
Алесь Адамовіч у Японіі падчас акцыі «No Nukes One Earth». 1990 год.

У 1986 годзе, у ноч, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч ляцеў на поўдзень, на Каўказ, у санаторый Жалезнаводска. Ён пачаў шукаць магчымасць разбурыць сцяну сакрэтнасці вакол Чарнобыля, апытваў вучоных-фізікаў і медыкаў Мінска і Масквы пра магчымыя наступствы катастрофы.

Пасля гэтага ён напісаў ліст М. С. Гарбачову, каб данесці да яго і да сусветнай грамадскасці сапраўдныя маштабы бедства, якое здарылася ў Беларусі. Замест таго каб выкарыстаць яго інтэлектуальны патэнцыял, беларускае партыйнае кіраўніцтва арганізавала ў друку абструкцыю, абвінавачваючы яго ў пацыфізме, панікёрстве і блюзнерстве.

У выніку Адамовіч быў вымушаны пакінуць Мінск і пераехаць на працу ў Маскву, дзе ўвосень 1987 года быў абраны дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінамастацтва. У гэты час ён скончыў аповесць-антыўтопію «Апошняя пастараль», быў старшынёй журы кароткаметражных фільмаў на XV Маскоўскім міжнародным кінафестывалі і выдаў кнігу апавяданняў і эсэ «Маленне аб будучыні».

У 1988 годзе з’явілася магчымасць апублікаваць главу рамана «Карнікі» — «Дублёр», над якой ён працаваў некалькі гадоў.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР і актыўна выкарыстоўваў трыбуну з’ездаў для выступаў за перабудову, дэмакратызацыю і галоснасць. Публіцыстыка апошніх гадоў была сабраная ў кнігах «Адваявалі!» і «Мы — шасцідзясятнікі».

У дні жнівеньскага путчу 1991 года ў Маскве Адамовіч знаходзіўся ў шэрагах абаронцаў Белага дома. Гэтыя падзеі пазней адлюстраваў у публіцыстычна-мемуарным эсэ «Дзякуй, хунта!».

21 снежня 1991 года ён перанёс цяжкі інфаркт міякарда. У 1992 годзе, знаходзячыся ў клініцы і падмаскоўным санаторыі, спяшаўся скончыць творчыя планы: аповесці «Венера, або Як я быў прыгоннікам» і «Нямко». У 1993 годзе апублікаваў эсэ «Самалячэнне ад камунізму» і аўтабіяграфічную аповесць «Vixi» («Пражыта»).

У студзені 1994 года ён прыехаў у Мінск, удзельнічаў у працы Сойму БНФ, збіраў дома родных і сяброў, ездзіў у Глушу і пабываў на магілах брата і бацькоў. 26 студзеня пасля выступу ў Вярхоўным судзе Расійскай Федэрацыі здарыўся другі, апошні інфаркт.

Грамадзянскія паніхіды прайшлі ў Доме кіно ў Маскве і ў Доме літаратараў у Мінску. Пахаваны ў Глушы 30 студзеня 1994 года побач з братам, недалёка ад магіл бацькоў і бабулі.

Алесь Адамовіч выступае на антыядзернай сустрэчы ў Японіі. Архіўны матэрыял.
Архіўны відэаматэрыял пра апошнія гады Алеся Адамовіча.